Выстава жывапісу Юрыя Несцярука «АД БЛАКІТУ ДА ЧОРНАГА»


27 ліпеня 2023 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу Юрыя Несцярука «АД БЛАКІТУ ДА ЧОРНАГА». Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

На персанальнай выставе «Ад блакіту да чорнага» прадстаўлена больш за 25 манументальных твораў магілёўскага мастака Юрыя Міхайлавіча Несцярука. Экспазіцыя злучае дзве серыі работ – «Рыбны дзень» і «Вясковы супрэматызм», створаныя ў розныя гады жыцця. Гэта выстава – пра вечны пошук новых форм, гульню з прасторай і колерам, нястомнае жаданне зразумець сутнасць рэчаў, якія акружаюць нас у звычайным жыцці.

Мастак разважае аб сучасным паняцці часу і яго ўспрыманні. Чэрпаючы натхненне з самых звычайных прадметаў навакольнай штодзённасці і народных традыцый, Ю. Несцярук праносіць іх скрозь прызму пачуццёвага вопыту, сваёй выразнай творчай мовы, надзяляючы новымі сэнсавымі адценнямі і значэннямі. Яго працы – канцэптуальнае спляценне формаў, колераў, кропак, якія ствараюць ва ўспрыманні гледача эфект прасторавасці, узмацняюць візуальнае напружанне, адчуванне рэльефу і глыбіні карціны. Творы Юрыя Несцярука ламаюць традыцыйны погляд на маляўнічую прастору, прымушаючы гледача выйсці з зоны камфорту, зірнуць пад іншым вуглом на ўсё звыклае і штодзённае. Мастак у сваіх працах паказвае ўсё тое, што мы бачым у адпаведнасці з уласнымі стэрэатыпамі разумення, а адно з прызначэнняў мастацтва – прымусіць гледача гэтыя стэрэатыпы пераасэнсоўваць.

Творчасць Ю.М. Несцярука грунтуецца на глыбокім аналізе аб’екта, пошуку такіх рытмічных хадоў, якія могуць уключыць у сябе і бачны аб’ект, і больш складаную стуктуру зместу гэтага аб’екта. Часта адмаўляючыся ад фігуратыўнасці, мастак звяртаецца да абстракцыі, супрэматызму, вызваляючы ад літаратурнага зместу карціну. Дамінантай творчасці Юрыя Несцярука з’яўляецца ідэя чалавечага шляху, якую ён выказвае па-рознаму. Ідэя можа быць адлюстравана праз узаемасувязь часу, канкрэтнае чалавечае жыццё, якое пераплятаецца з іншымі лёсамі, тчэ сваю канву ў вялікай гісторыі, напаўняе яе сэнсам. Альбо гэта ідэя раскрываецца як шлях чалавека да самаго сябе.

Cвятлана Строгіна, мастацтвазнаўца

Выстава працягнецца па 3 верасня 2023 года

Арт-гасцёўня “Высокае мѣста”
г. Мінск, Герцэна, 2а
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
(017) 342 24 26; (017) 354 26 57
minskmuseum.by

642