Выстаўка «Сляды на зямлі»


21 снежня 2022 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё выстаўкі акварэлі Уладзіміра Рынкевіча «Сляды на зямлі». Выстаўка прысвечана 70-годдзю з дня нараджэння аўтара.

На выстаўцы дэманструецца больш за 60 твораў вядомага беларускага мастака-акварэліста, мастацтвазнаўцы, педагога, арт-куратара Уладзіміра Іванавіча Рынкевіча (1952–2021). Прадстаўленыя работы створаны ў апошнія два дзесяцігоддзі. Сярод іх серыі «Афон», «Валаам», «Маўчанне ля абразоў».

Мастацкая практыка ў галіне акварэльнага жывапісу з'яўлялася асноўным відам творчай дзейнасці У.І. Рынкевіча. Стылёвая асаблівасць яго твораў заключаецца ў спалучэнні фігуратыўна-дэкаратыўнага і абстрактна-экспрэсіўнага напрамкаў. У індывідуальнай манеры акварэліста сінтэзаваліся традыцыйныя і сучасныя, а нярэдка і эксперыментальныя прыёмы акварэльнага мастацтва.

Крыніцай пазнання сутнасных аспектаў мастацтва для Уладзіміра Іванавіча стала навукова-даследчая работа ў галіне гісторыі беларускай графікі. Ён выступаў аўтарам і арганізатарам шэрагу культурна-асветніцкіх і мастацка-адукацыйных праектаў. Сярод іх – тэматычныя выстаўкі акварэлістаў, пленэры, майстар-класы, моладзевыя творчыя аб'яднанні «Прасвет» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Арт-студыі «АКВАВІР».

Уладзімір Рынкевіч з'яўляецца аўтарам 132 навуковых, метадычных і навукова-папулярных выданняў, мастацтвазнаўчых прац па гісторыі і праблемах развіцця сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва, сярод якіх 9 самастойных кніжных выданняў (альбомы, навучальныя дапаможнікі, манаграфіі). Галоўная мастацтвазнаўчая праца аўтара – навукова-папулярнае выданне 2020 года «Акварэлія. Беларускі акварэльны жывапіс».

На аснове аўтарскай канцэпцыі Уладзіміра Іванавіча пастановай Расонскага райвыканкама Віцебскай вобласці ў 2019 годзе адкрыта першая ў Беларусі «Акварэльная галерэя».

У сваёй творчасці мастак імкнуўся да вобразнага пераасэнсавання рэчаіснасці, зразумення глыбіннай сутнасці чалавечага жыцця. Асноўным пастулатам, да якога прыйшоў Уладзімір Іванавіч Рынкевіч, з'яўляецца перакананасць, што ў культурна-эстэтычным развіцці грамадства менавіта духоўнасць выяўленчага вобраза павінна стаць ідэйным стрыжнем мастацкай творчасці, вышэйшым абгрунтаваннем этыкі і маральным крытэрыем ацэнкі мастацкага твора. 

Уваходны білет:
6,00 руб. – дарослые;
4,50 руб. – студэнты, пенсіянеры;
2,50 руб. – школьн
ікі.

Час працы: 
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00 (каса да 18.30)
Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
пл. Свабоды, 15 (станцыя метро «Няміга»)
+375 17 270 43 66

244