Мастацкі праект Таццяны Макляцовай «Transition» («ПераХод»)


12 кастрычніка 2022 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё мастацкага праекта Таццяны Макляцовай “Transition” (“ПераХод”).

Англамоўная назва мастацкага праекта Таццяны Макляцовай “Пераход” з’явілася зусім не выпадкова. На думку мастачкі слова “Transition” акрэслівае больш шырокі спектр лексічных значэнняў, кожнае з якіх у пэўным кантэксце закранае яе творчасць і адлюстроўвае адну з граняў прадстаўленага праекта. Яго цэнтральны вектар – адлюстраванне трансфармацый у творчай манеры Т. Макляцовай, руху яе мастацкай свядомасці і пераходаў ад аднаго тыпу вобразна-пластычнага мыслення да другога. На гэтым шляху змяняліся мастацкія прыёмы, да якіх звярталася Таццяна Макляцова, і сродкі выразнасці ў яе кампазіцыях.

На выставе будуць прадстаўлены творы, якія экспанаваліся раней і новыя кампазіцыі. Экспазіцыя аб’яднана агульнай канцэпцыяй “Пераходу”, у кантэксце якой важнымі дамінантамі з’яўляюцца ўласныя эмоцыі мастачкі і асаблівая яе ўвага да архітэктонікі кампазіцыі, колеру, фактуры. Эксперымент, які Т. Макляцова выбрала як асноўную стратэгію ў сваёй творчасці, не толькі спрыяе дынаміцы мастацкага працэсу, але спараджае навізну і арыгінальнасць у яе кампазіцыях. Да таго ж, шматузроўневая па сваёй сутнаці мастацкая мова дазваляе ўспрымаць кожны яе твор ва ўзаемасувязі некалькіх вобразных сэнсаў.

Універсальным сродкам візуалізацыі ідэй для Таццяны Макляцовай, безумоўна, з’яўляецца калаж. Для яе гэта не проста пэўны прынцып арганізацыі мастацкага матэрыялу ў творах, але своеасаблівая форма творчай свабоды, якая прадстаўляе магчымасць звароту да нелінейнага метафарычнага мыслення, да пошуку парадаксальных рашэнняў, нечаканых візуальных і сэнсавых асацыяцый, да адлюстравання неардынарнага і непрадказальнага.

Кожны з твораў Таццяны Макляцовай вылучаецца падкрэсленай асацыятыўнасцю і ўяўляе сабой паліфанічны калейдаскоп думак і эмоцый, які прадстаўляе гледачу шырокае поле для інтэрпрэтацый сэнсаў і вобразаў.

Куратар выставы,
кандыдат мастацтвазнаўства
Міхась Цыбульскі

Выстава працягнецца да 13 лістапада 2022 года

 

Арт-гасцёўня “Высокае мѣста”

г. Мінск, Герцэна, 2а
серада – нядзеля, 11.00 - 19.00
(017) 342 24 26; (017) 354 26 57
minskmuseum.by                               

 

Уваходны квіток у галерэю:

5,00 руб. – для дарослых
3,50 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў
2,50 руб. – для школьнікаў

436