Прэзентацыя кнігі «Старасвецкая Лошыца»


У Міжнародны дзень музеяў, 18 мая, у філіяле «Музей «Лошыцкая сядзіба» ДУ «Музей гісторыі горада Мінска» адбудзецца прэзентацыя кнігі беларускага гісторыка і пісьменніка Юрыя Кур’яновіча «Старасвецкая Лошыца».
Лошыцкая сядзіба – адзін з самых ўнікальных гісторыка-культурных аб’ектаў на мапе Мінска. Сядзібны парк, флігель і комплекс гаспадарчых пабудоў у атачэнні старадаўняга парка фарміруюць надзвычай атмасферны ансамбль, прасякнуты гісторыяй краіны і лёсам людзей, якія яе стваралі.
З Лошыцай звязаны імёны драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, кампазітара Станіслава Манюшкі, сусветна вядомага навукоўца Мікалая Вавілава і грамадскага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Да сядзібы маюць дачыненне прадстаўнікі сем’яў Друцкіх-Горскіх і Прушынскіх, Любанскіх і Кеневічаў, Чапскіх і Путкамераў, а таксама вялікая колькасць вядомых іншых грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў культуры і навукі.
Лошыцкая сядзіба ў кнізе Юрыя Кур’яновіча – не толькі гістарычны помнік, але і своеасаблівы «партал у часе», трапіўшы ў які можна апынуцца ў XVIII ці ХІХ стагоддзі, паблукаць па старадаўніх алеях, адчуць гукі дома часоў Прушынскіх і пазнаёміцца з людзьмі, якія гасцявалі ў маёнтку.
 Удзельнікі прэзентацыі змогуць пазнаёміцца і з гісторыяй Лошыцы па-за свецкага жыцця: у савецкія часы ў сядзібе працавалі навукоўцы-селекцыянеры і сфарміравалася беларуская селекцыйная навука, у часы Вялікай Айчыннай вайны ў доме месцілася рэзідэнцыя акупацыйных уладаў.
Асаблівая ўвага ў кнізе звернута і на музейную гісторыю Лоышцкай сядзібы. Пасля рэстаўрацыі, у красавіку 2015 г. у былой сядзібе Прушынскіх і Любанскіх пачаў працу музей «Лошыцкая сядзіба», а ў прысядзібным флігелі – доўгатэрміновы выставачны праект «Кола часу».

Юрый Кур’яновіч (нар. 1968) – беларускі гісторык, пісьменнік і перакладчык. У яго перакладзе пабачылі свет успаміны ўкраінскага навукоўца і пісьменніка Пятра Франко, а таксама творы шэрагу ўкраінскіх аўтараў, якія склалі зборнік прозы «Цвітуць сланечнікі» (2013). Аўтар зборнікаў прозы «Ён і яна» (1996) і «Гарадская элегія» (2007).

Месца: Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, пр-д Чыжэўскіх, д. 8-2.
Час: 18 мая 2019 г., 12.00.
Кантактныя звесткі: (017) 285 18 86.
minskmuseum.by

231