Адкрыццё паэтычнага клуба МГА СПБ “Парнас”


2 кастрычніка 2018 года а 16 гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё паэтычнага клуба МГА СПБ “Парнас”. Кіраўнік клуба – старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, паэт і перакладчык, крытык, мовазнаўца, публіцыст Міхась Пазнякоў. На яго творчым рахунку звыш 3 000 публікацый больш як у 300 выданнях і зборніках. Міхась Паўлавіч з’яўляецца аўтарам больш як 50 кніг паэзіі і прозы для дарослых і для дзяцей.

Імпрэза адбудзецца ў музеі Якуба Коласа невыпадкова, паколькі з музеем Міхася Паўлавіча лучыць цеснае супрацоўніцтва і шчырае сяброўства. Ужо каторы год Саюз Пісьменнікаў Беларусі ў асобе Міхася Паўлавіча Пазнякова паспяхова прэзентуе ў музеі творчасць маладых пісьменнікаў. Стала добрай традыцыяй уручаць членскія білеты маладым літаратарам менавіта ў Доме Коласа.

У рамках мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя кніг М. Пазнякова “Заброддзе” і “Матуля”, прысвечаных Году малой Радзімы. Удзел ў імпрэзе бяруць барды Віктар Мяцельскі, Таццяна Жылінская і артыстка эстрады Вольга Багушыньска.

120