Дзень памяці Якуба Коласа


Дзень памяці Якуба Коласа. Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. г. Мінск, 2018 г.

13 жніўня 1956 года пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). Яшчэ пры жыцці паэт быў адным з тых, хто ўвасабляў нашу нацыянальную літаратуру. Якуб Колас не толькі бліскучы майстар мастацкага слова, але і глыбокі інтэлектуал, аўтар неўміручых паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, юбілеі якіх сёлета адзначаюцца.

Дзейнасць знакамітага пісьменніка, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. У сталіцы і на радзіме Якуба Коласа, на Стаўбцоўшчыне, а таксама ў мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Песняра, вітаюць наведвальнікаў музеі пісьменніка. Чым далей, тым больш спраўджваюцца радкі беларускага паэта Петруся Броўкі, прысвечаныя Якубу Коласу: “Твой сад цвіце ў радаснай краіне, ягоны шум прасторамі звініць, і доўга будзеш ты пад небам сінім ісці, спяваць, паэт, і жыць, і жыць”.

13 жніўня, у дзень памяці паэта, а 13.00 музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё часовай экспазіцыі “Спяшаецца сэрца…” па малавядомых матэрыялах з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, прысвечанай апошнім гадам жыцця народнага паэта, а таксама на аўтобусна-пешаходную экскурсію “Якуб Колас і Мінск”, якая дапаможа глыбей пазнаць жыццё беларускага Песняра праз падарожжа па мясцінах у Мінску, якія звязаны з яго імем.

У 15.00 адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Песняра. Удзел у ім прымуць літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by

160