Выстаўка «Зачараваны музыкай»


Выстаўка «Зачараваны музыкай». Музей истории театральной и музыкальной культуры Республики Беларусь . г. Минск, 2018 г.

8 жніўня а 17-й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрываецца выстаўка «Зачараваны музыкай» (да 80-годдзя народнага артыста БССР і СССР, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кавалера ордэна Францыска Скарыны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, старшыні праўлення Беларускага саюза кампазітараў Ігара Міхайлавіча Лучанка).

Нарадзіўся Ігар Міхайлавіч у Мінску 6 жніўня 1938 года. Музычную адукацыю атрымаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класу кампазіцыі прафесара А.В. Багатырова (1961). Яго дыпломнай работай сталі сімфонія (1961) і кантата «Курган» (1962) па аднайменнай паэме Янкі Купалы, у далейшым перапрацаваная ў рок-оперу «Гусляр» (1971) для ансамбля «Песняры». Далей талент кампазітара гартаваўся ў Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара В.М. Салманава (1965) і ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ц.М. Хрэннікава (1970). У 1963 годзе малады кампазітар вяртаецца ў альма-матар – Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў якасці выкладчыка, а з часам – і рэктара (1982–1985).

У 1966 годзе Ігар Лучанок упершыню праявіў сябе як самабытны кампазітар-песеннік. На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня-балада «Памяць сэрца» на словы паэта Міхаіла Ясеня ў выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію. Гэтая песня стала вехай і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці, працягнутай у наступных песнях – «Хатынь», «Калі б камяні маглі гаварыць», «Ліст з сорак пятага», «Курган Славы», «Старое кіно», «Майскі вальс».

Ігар Лучанок звяртаецца да творчасці многіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Пятруся Броўкі, Адама Русака, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, а таксама расійскіх паэтаў Роберта Раждзественскага, Яўгена Яўтушэнкі і іншых. Кампазітар шчыра выказаў любоў да Беларусі ў вядомых песнях «Мой родны кут», «Я хаджу закаханы», «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць». Неабходна адзначыць і кола лірычных песень, такіх як «Вераніка», «Алеся», «Зачарованая мая». Мелодыю «Песні пра Мінск» адбіваюць кожную гадзіну куранты на вежы Мінскай ратушы.

На выстаўцы будуць прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, фотаздымкі, асабістыя рэчы І.М. Лучанка, віншавальныя адрасы, граматы, афішы.

Выстава будзе працаваць да 24.08.2018
Адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5
Панядзелак – субота: 10.00 – 17.30
Тэлефон: 220-26-67
theatre-museum.by #dommasonay

122