Персанальная выстава мастака Эдуарда Мацюшонка “Радзіма. Рэканструкцыя”


Выства „Радзіма. Рэканструкцыя”. Национальный исторический музей Республики Беларусь. г. Минск, 2018 г.

7 жніўня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы мастака Эдуарда Мацюшонка “Радзіма. Рэканструкцыя”, прымеркаванай да Года малой радзімы.

На выставе будуць прадстаўлены РАБОТЫ-РЭКАНСТРУКЦЫІ з партрэтамі, гербамі, будынкамі… У іх мастак глыбока раскрывае сутнасць паняцця РАДЗІМЫ: ад свайго роднага дома, дзе нарадзіўся і вырас, да спадчыны краіны. У прыватнасці, у экспазіцыі мастак пакажа свой род, а таксама дынастыі выбітных асоб Беларусі, якія стварылі для нас багатую гісторыю: Храптовічаў, Плятэраў, Багдановічаў, Козел-Паклеўскіх, Любанскіх і іншых. І кожны з іх – у кантэксце іх ВЯЛІКАЙ СПАДЧЫНЫ. Асобна будуць прадстаўлены працы, прысвечаныя гісторыі Вілейшчыны.

Цесная сувязь з продкамі, любоў да дома, які мастак называе каўчэгам, – гэтыя тэмы амаль у кожным палатне. Яны напоўнены глыбокімі філасофскімі разважаннямі аўтара і вельмі блізкія гледачу…

***

Эдуард Мацюшонак нарадзіўся ў вёсцы Мнюта Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. З дзяцінства імкнуўся зразумець душу чалавека, выяўляў жаданне разгадаць таямніцы прыроды. Маляваў як адчуваў і разумеў. Для майстра былі і застаюцца блізкімі любоў і павага да роднай зямлі, яе жыхароў, бацькоўскага дому, таямніц прыроды, глыбінь гісторыі. Сам ён бясконца ганарыцца сваімі сялянскімі каранямі, нястомна разважае пра тое, як важна, каб дом, адкуль пачаўся шлях кожнага з нас, быў сапраўдным каўчэгам, вытокам любові і разумення. З 1984 года з сям'ёй жыве і працуе ў Вілейцы Мінскай вобласці ў гімназіі № 1 “Логас”, выкладае маляванне і курс “Айчынная і сусветная мастацкая культура”, кіруе дзіцячай студыяй “Вясёлка”. Многія з яго вучняў сталі дыпламантамі шэрагу конкурсаў у галіне дызайну і архітэктуры. З 1986 года распачаў актыўную творчую дзейнасць. Прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных выставах. На дадзены момант адбылося больш за 15 персанальных выстаў як у Беларусі, так і за мяжой. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША і Германіі. У 1989 годзе прыняты ў маладзёжную секцыю Беларускага саюза мастакоў.

Выстава працуе па 2.09.2018
Адрас: г.Мінск, вул.К.Маркса, 12
Панядзелак-пятніца: 10.00 – 19.00
Субота, нядзеля: 11.00 – 19.00
Тэлефон: 327-43-22
histmuseum.by

121