Выстаўка “Таямніца ночы”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі


12 снежня 2013 года а 18-ай гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Таямніца ночы”, прысвечанай 85-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі. Гэты чалавек з’яўляецца знакавай фігурай у беларускім нацыянальным мастацтве, тонкім філосафам, сапраўдным творцам, выдатным педагогам, які выхаваў не адно пакаленне мастакоў-манументалістаў. За яго плячыма стаіць багатая жыццёвая і творчая біяграфія. “Манументальныя і жывапісныя работы Гаўрыіла Вашчанкі – класіка беларускага мастацтва XX–XXI стст. Яго творы ўвасобілі цэлую эпоху – з яе ідэальнымі памкненнямі і балючымі расчараваннямі, складанымі грамадскімі зменамі і чалавечымі трагедыямі”, – адзначае беларускі мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.
Асаблівасцю экспазіцыі выстаўкі “Таямніца ночы” з’яўляецца тое, што ўсе творы, якія ўвайшлі ў яе (а іх больш за 60), – уласнасць майстра і напісаны ім у сталы перыяд творчасці: на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў. Прычым пераважна гэта карціны і пастэлі, створаныя Гаўрыілам Харытановічам ужо ў XXI стагоддзі. Гэты факт сведчыць аб творчай актыўнасці мастака, жыццялюбстве і невычэрпнай энергіі. Кожная новая праца для яго – адкрыццё нязведанага свету, радавацца якому і перажываць за які ён не стамляецца. “Сённяшняя выстава – плён шматгадовых разважанняў, навеяных і бяссонніцай, і нейкімі жыццёвымі эпізодамі. А таксама старадаўнімі павер’ямі, легендамі. Бо ноч заўсёды захоўвае мноства таямніц”, – каментуе Гаўрыіл Вашчанка.
Выстаўку можна будзе ўбачыць з 13 снежня 2013 года па 13 студзеня 2014 года ў малой зале і на галерэі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

80